Іракскае дасье
Іраксае дасье (англ.: Iraq War logs; Baghdad War Diary) — агульная назва для 391 832 дакументаў, апублікаваных 22 кастрычніка 2010 года міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй WikiLeaks, што змяшчаюць сакрэтныя звесткі пра вайну ў Іраку і яго акупацыю амерыканскімі войскамі з 1 студзеня 2004 па 31 снежня 2009 (за выключэннем мая 2004 і сакавіка 2009). Публікацыя гэтых дакументаў з’яўляецца самай буйной уцечкай засакрэчаных ваенных дакументаў у гісторыі[1]. «Дасье» ўяўляе сабою справаздачы амерыканскіх вайскоўцаў, якія былі задзейнічаны ў вайне ў Іраку, і пралівае святло на многія факты, якія ўрад ЗША хаваў ад сусветнай грамадскасці: гібель мірных жыхароў, здзекі над зняволенымі і ролю Ірана ў канфлікце[2].
Змест дакументаў
[правіць | правіць зыходнік]Злачынствы супраць грамадзянскіх
[правіць | правіць зыходнік]Брытанская газета The Guardian пісала, што, паводле дакументаў, больш за 15 000 грамадзянскіх асоб загінулі ў выніку перш невядомых здарэнняў. З 109032 чалавек, якія загінулі ў Іракскую вайну, 66 081 не з’яўляліся камбатантамі. The Guardian, прааналізаваўшы выкладзеныя WikiLeaks дакументы, прыйшла да высновы, што ўлады ЗША не сталі расследаваць сотні паведамленняў аб жорсткім абыходжанні, катаваннях, згвалтаваннях і нават забойствах, учыненых іракскай паліцыяй і кааліцыйнымі сіламі, што насілі сістэматычны характар[3]. Паводле высноў, зробленых амерыканскай газетай The New York Times, у дакладах выразна прасочваецца, што большасць грамадзянскіх асоб былі забіты іншымі іракцамі. Самымі страшнымі днямі вайны сталі 31 жніўня 2005 года, калі 950 мірных жыхароў загінулі ў цісканіне на мосце ў Багдадзе ў выніку выкліканай выбухамі панікі, і 14 жніўня 2007 года, калі закладзеныя ў грузавіках бомбы забралі жыцці больш за 500 чалавек у сельскай мясцовасці паблізу мяжы з Сірыяй[4]. Таксама ў дакументах фігуравала прыватная амерыканская ахоўная фірма «Блэкуотэр», супрацоўнікі якой адкрывалі агонь па мірных грамадзянах, але супраць іх у выніку не былі нават высунуты абвінавачванні[2]. Каля 700 грамадзянскіх асоб былі забіты амерыканскімі вайскоўцамі за тое, што яны занадта блізка падыходзілі да КПП. Сярод ахвяр таксама былі цяжарныя жанчыны і псіхічна нездаровыя людзі[5]. Паводле аналізу дакументаў часопісам Science, як мінімум 150 000 чалавек было забіта падчас Іракскай вайны, і 80% з іх — мірнае насельніцтва[6].
Здзекі над зняволенымі
[правіць | правіць зыходнік]У шматлікіх паведамленнях аб жорсткім абыходжанні з затрыманымі, многія з якіх суправаджаліся медыцынскімі справаздачамі, даваліся апісанні зняволеных з завязанымі вачыма, падвешанымі за запясці або за шчыкалаткі, якія падвяргаліся збіццю кулакамі і нагамі, а таксама катаванням электрычным токам. Шэсць справаздач заканчваюцца пацверджанай смерцю зняволенага[3].
Роль Ірана
[правіць | правіць зыходнік]Часопіс Wired Magazine напісаў, што WikiLeaks расставіла ўсе кропкі над «i» з нагоды аднаго з самых супярэчлівых заяў адміністрацыі Дж. Буша-малодшага пра вайну ў Іраку: многія з відаў зброі іракскага паўстанцкага руху пастаўляў ім Іран, працуючы рука аб руку з некаторымі з самымі небяспечнымі баевікамі. Дакументы сведчаць аб значнай ролі Ірана ў вайне ў Іраку. Іранская элітная група «Кодс» навучала іракскіх шыіцкіх паўстанцаў і імпартавала зброю і боепрыпасы для выкарыстання супраць мірнага насельніцтва, баевікоў-сунітаў і амерыканскіх войск[7]. Яны таксама праходзілі падрыхтоўку ў Хезбале, ваенізаванай ліванскай шыіцкай арганізацыі. У справаздачах змяшчалася інфармацыя аб тым, што амерыканскія назіральныя самалёты знікалі з радараў над іранскай тэрыторыяй[8].
Злачынствы супраць паўстанцаў
[правіць | правіць зыходнік]Паводле адной са справаздач, меўся інцыдэнт, калі амерыканскія ваенныя адкрылі агонь з верталёта «Апач» па партызанах, што спрабавалі здацца[9].
Рэакцыя
[правіць | правіць зыходнік]- Амерыканскія ўлады і ў прыватнасці Пентагон адразу асудзілі публікацыю дакументаў арганізацыяй WikiLeaks як парушэнне заканадаўства. Публікацыю матэрыялаў асудзілі дзяржсакратар Хілары Клінтан і былы пасол у Іраку Раян Крокэр[10]. Пентагон заявіў з нагоды інфармацыі аб смерці сярод грамадзянскага насельніцтва, якая змяшчаецца ў дакументах, што «колькасць загінулых грамадзянскіх асоб у вайне ў Іраку так і не было названа і былі праігнараваны здзекі над зняволенымі з боку іракскіх войск». Прэс-сакратар Пентагона палкоўнік Дэйв Лапан дадаў, што вайскоўцы ЗША ніколі не сцвярджалі, што валодаюць дакладным лікам забітых мірных грамадзян у Іраку[11].
- Вярхоўны камісар па правах чалавека ў ААН Наванетхем Пілэй заявіў, што «ЗША і Ірак павінны расследаваць заяўленыя ў дакументах, апублікаваных WikiLeaks, злоўжыванні». Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб катаваннях Манфрэд Новак заклікаў да «больш поўнага расследавання, які ўключае меркаваныя злачынствы ЗША»[12].
- Amnesty International заявіла, што дзеянні амерыканскіх вайскоўцаў у сувязі з інфармацыяй аб верагодных катаваннях зняволеных маглі парушаць міжнароднае права. Арганізацыя, па заяве іх прадстаўніка, «занепакоена тым, што ўлады ЗША здзейснілі сур’ёзнае парушэнне міжнароднага права, перадаўшы тысячы затрыманых іракскім сілам бяспекі, якія, як яны ведалі, катуюць затрыманых і абражаюць іх годнасць у шакавальным маштабе»[13].
Справа Чэлсі Мэнінг
[правіць | правіць зыходнік]Чэлсі Мэнінг (у мінулым Брэдлі Мэнінг), якая з 2009 года служыла ў Іраку ў якасці аналітыка разведкі і мела доступ да сакрэтнай інфармацыі, была асуджана ў ліпені 2013 года ваенным трыбуналам за парушэнні Закона аб шпіянажы і іншыя правапарушэнні пасля апублікавання WikiLeaks сакрэтных або несакрэтных, але канфідэнцыйных ваенных і дыпламатычных дакументаў. Было ўстаноўлена, што Мэнінг у пачатку 2010 года перадала інфармацыю супрацоўніку WikiLeaks Адрыяну Лама, з якім яна пазнаёмілася праз Інтэрнэт[14]. Мэнінг была абвінавачана ў 22 злачынствах, сярод якіх была дапамога ворагу, што караецца смяротным пакараннем[15]. У лютым 2013 яна прызнала віну па 10 з прад’яўленых ёй абвінавачванняў, а 30 ліпеня яна была прызнана вінаватай у 17 першапачатковых абвінавачваннях і выпраўленых версіях чатырох іншых, але была апраўдана за аказанне дапамогі ворагу. Яна была прысуджана да 35 гадоў пазбаўлення волі ў дысцыплінарных казармах з максімальнай бяспекай у Форт-Лівенорце[16]. 17 студзеня 2017 года прэзідэнт ЗША Барак Абама замяніў прысуд Мэнінг на сем гадоў пазбаўлення волі пачынаючы з даты арышту (20 мая 2010 года). Мэнінг выйшла з турмы 17 мая 2017 года. Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж раней выказваў гатоўнасць да экстрадыцыі ў ЗША у абмен на памілаванне Мэнінг[17].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Baghdad War Diary (англ.). wikileaks.org. Праверана 27 сакавіка 2017.
- ↑ а б "Иракское досье " WikiLeaks . Праверана 27 сакавіка 2017.
- ↑ а б Davies, Nick (2010-10-22). "Iraq war logs: secret files show how US ignored torture". The Guardian(англ.). 0261-3077. Праверана 2017-03-27.
- ↑ Tavernise, Sabrina (2010-10-22). "Iraq War Logs Show Grim Portrait of Civilian Deaths – Iraq War Logs - Wikileaks Documents". The New York Times. 0362-4331. Праверана 2017-03-27.
- ↑ Gregg Carlstrom. Iraq files reveal checkpoint deaths . www.aljazeera.com. Праверана 27 сакавіка 2017.
- ↑ John Bohannon Leaked Documents Provide Bonanza for Researchers(англ.) // Science. — 2010-10-29. — В. 6004. — Т. 330. — С. 575—575. — ISSN 1095-9203 0036-8075, 1095-9203. — DOI:10.1126/science.330.6004.575
- ↑ Ackerman, Noah Shachtman and Spencer. "Chemical Weapons, Iranian Agents and Massive Death Tolls Exposed in WikiLeaks' Iraq Docs". WIRED(англ.). Праверана 2017-03-27.
- ↑ "Leaks shine light on Iran's role as backer of Iraq's Shi'ite militias". Boston.com(англ.). Праверана 2017-03-27.
- ↑ Iraq War | Margot B. News (англ.). margotbnews.wordpress.com. Праверана 27 сакавіка 2017.
- ↑ SPIEGEL ONLINE, Hamburg Germany. Outrage, Applause, Indifference: US Reacts to WikiLeaks Iraq Documents - SPIEGEL ONLINE - International . SPIEGEL ONLINE. Праверана 27 сакавіка 2017.
- ↑ "U.S. says did not under-report Iraq civilian deaths". Reuters. 2016-10-25. Праверана 2017-03-27.
- ↑ "UN urges US and Iraq to probe Wikileaks torture claims". BBC News(англ.). 2010-10-26. Праверана 2017-03-27.
- ↑ Cloud, David S. (2010-10-23). "WikiLeaks documents indicate U.S. forces failed to stop prisoner abuse by Iraqis". Los Angeles Times(англ.). 0458-3035. Праверана 2017-03-27.
- ↑ "The years since I was jailed for releasing the 'war diaries' have been a rollercoaster". The Guardian(англ.). 2015-05-27. 0261-3077. Праверана 2017-03-27.
- ↑ Private Manning and the Making of Wikileaks | This Land Press (29 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2011. Праверана 27 сакавіка 2017.
- ↑ Judge finds Manning not guilty of aiding the enemy, guilty of espionage . Washington Post. Праверана 27 сакавіка 2017.
- ↑ "Ассанж выразил готовность к экстрадиции в США в случае помилования Мэннинг". Праверана 2017-03-27.