Серж Мінскевіч
Серж Мінскевіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 12 лютага 1969 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 чэрвеня 2022[1] (53 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, паэт, літаратуразнавец, пісьменнік, публіцыст, літаратар |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Серж Мінскевіч (сапраўднае імя Сяргей Леанідавіч Мыцько; 12 лютага 1969, Мінск — 8 чэрвеня 2022, Мінск) — беларускі паэт і перакладчык.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і навукоўцаў (бацька — батанік, маці — хімік). У 1986 годзе скончыў мінскую школу № 50. Працаваў аператарам электронна-вылічальных машын у Праектна-тэхналагічным інстытуце аўтаматызацыі сістэм «Ніва»[2]. Пасля тэрміновай службы ў войску быў лабарантам у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, удзельнік археалагічных экспедыцый[2].
У 1989 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1995 годзе. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў[3]. Быў літаратурным кансультантам газеты «Пераходны ўзрост». Працаваў у Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук[3].
Памёр 8 чэрвеня 2022 года. Пахаваны на Лясных могілках пад Мінскам.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Першыя творы Мінскевіча былі надрукаваныя ў 1990 годзе ў літаратурнай падборцы «Крыніцы» газеты «Чырвоная змена». Друкаваўся ў газетах «Чырвоная змена», «Беларускі ўніверсітэт», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць», у літаратурных альманахах «Кола», «Ксэракс беларускі», зборніках «Дзень паэзіі». Як празаік, гумарыст-сатырык, фантаст друкаваўся на старонках газет «Студэнцкая думка», «Прыкольная газета», «Оска», «Чырвоная змена», часопісаў «Зрок», «Маладосць», «Першацвет»[2].
Займаўся бардаўскай песняй, рок-музыкай. Быў музыкам, спеваком, аўтарам песень у рок-гурце «Жах». Пісаў электронную музыку. На радыё ставіліся ягоныя радыёпастаноўкі фантастычных і гумарыстычных апавяданняў[2].
Разам з паэтам Алесем Туровічам у канцы XX ст. маніфеставаў «шлях мастацтвавання» — транслагізм. Удзельнічаў у літаратурна-мастацкай акцыі «Пасля сцяны» (Стакгольм, 1999), «Пісьменнікі супраць глупства» (Лахты, Фінляндыя, 2001).
Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы «Gaude Polonia» (2007)[3].
Зрабіў поўны пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды» (1999), пераклаў «Крымскія санеты» (2004), «Адэскія санеты» (2018). Перакладаў з польскай Міцкевіча, Юльюша Славацкага (драматычная паэма «Міндоўг, кароль літоўскі»), Ярослава Івашкевіча, Канстантыя Галчынскага, Маслоўскую, Герберта, Славаміра Мрожака, ранія вершы Станіслава Лема; з англійскай Уільяма Шэкспіра, Персі Шэлі, Лангфэла[3].
Прызнанне
[правіць | правіць зыходнік]- Прыз «За развіццё беларускай аўтарскай песні» на фестывалі «Бардаўская восень» (Бельск Падляскі, 1996).
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- «Праз галеРэю» (паэзія, 1995);
- «Менскія санэты / Мінскія санэты» (2002);
- «Прыгоды Какоса Маракоса» (вершаваная казка, 2006);
- «Я з БУМ-БАМ-ЛІТа» (вершы, проза, крытычныя артыкулы, успаміны пра літаратурныя і мастацкія рухі канца ХХ — пач. ХХІ стагоддзя, 2008);
- «Сад замкнёных гор» (фантастычны раман, фантастычная аповесць і апавяданні, 2011);
- «Чароўная крыніца, ці як навучыць дракона чысціць зубы» (празаічная казка, беларускае фэнтэзі, 2011);
- «Усмешка жалобнай каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка» (аповесць легендарных часоў, фэнтэзі, 2013);
- «Вялікія прыгоды Какоса Маракоса» (вершаваная казка, дзіцячая энцыклапедыя-даведнік па марской фауне, 2015).
У зборніках
[правіць | правіць зыходнік]- Як Зюзіч і Скварыч свет дзялілі // Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў : для дзяцей сярэд. школьн. узросту / уклад. А. Масла. — Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2009. — (Беларуская аўтарская казка);
- Дваццаць тры дні з жыцця карузлікаў // Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў : для дзяцей сярэд. шк. узросту / уклад. Алена Масла. — Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2009. — (Беларуская аўтарская казка);
- Цар Сом Самвусон і Яснейка // Залаты Талер: казкі: [для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту / уклад. А. Спрынчан]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2012. — (Беларуская аўтарская казка);
- Каваль Корша // Зорная Кася: казкі / уклад. А. Спрынчан. — Мн: Мастацкая літаратура, 2014. — (Беларуская аўтарская казка);
- Смачныя пальчыкі // Адзін кот і адзін год: казкі / уклад. А. Спрынчан.— Мн.: Мастацкая літаратура, 2016. — (Беларуская аўтарская казка);
- Пра хлопчыка, які любіў даваць мянушкі // Адзін кот і адзін год: казкі / уклад. А. Спрынчан. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2016. — (Беларуская аўтарская казка);
- Пра хлопчыка, які раскідваў смецце // Адзін кот і адзін год: казкі / уклад. А. Спрынчан. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2016. — (Беларуская аўтарская казка);
- Пра дзяўчынку, якая не казала праўды // Адзін кот і адзін год: казкі / уклад. А. Спрынчан. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2016. — (Беларуская аўтарская казка);
- Не кідай камень у жывое // Адзін кот і адзін год: казкі / уклад. А. Спрынчан. — Мн: Мастацкая літаратура, 2016. — (Беларуская аўтарская казка);
- Чорная закавыка // Нявеста для Базыля: казкі / уклад. А. Спрынчан. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2017. — (Беларуская аўтарская казка).
Зноскі
- ↑ Пайшоў з жыцця паэт Серж Мінскевіч — Будзьма беларусамі!, 2022.
- ↑ а б в г Беларускія пісьменнікі 1995, с. 644.
- ↑ а б в г Сержу Мінскевічу — 50!(недаступная спасылка). СПБ (12 лютага 2019). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2021. Праверана 13 лютага 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- С. Адамовіч. Мінскевіч Сяргей // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — С. 643—644. — 684 с.; іл.. — ISBN 985-11-0022-6.
- Мінскевіч Серж // Выдавецтва «Галіяфы»: Афіцыйны сайт — Эл.рэсурс goliafy.com
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Серж Мінскевіч на Вікісховішчы |
- Нарадзіліся 12 лютага
- Нарадзіліся ў 1969 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі 8 чэрвеня
- Памерлі ў 2022 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя ў Мінску
- Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
- Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты Беларусі
- Паэты XX стагоддзя
- Паэты XXI стагоддзя
- Перакладчыкі паводле алфавіта
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі XX стагоддзя
- Перакладчыкі XXI стагоддзя
- Перакладчыкі з польскай мовы
- Перакладчыкі з англійскай мовы
- Перакладчыкі на беларускую мову
- Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
- Кандыдаты філалагічных навук
- Беларускамоўныя паэты