Батаўскае паўстанне
Паўстанне батаваў — паўстанне германскага племя батаваў пад правадырствам Юлія Цывіліса супраць Рымскай імперыі ў 70 годзе н.э.
Калі пры імператары Вітэліі сярод батаваў праходзіў набор у армію і пры гэтым здзяйснялася шмат злоўжыванняў, іх падняў на паўстанне нейкі Юлій Цывіліс — чалавек, паводле сведчанняў Тацыта, царскага роду, які быў раней абвінавачаны ў змове і разам з Юліем Паўлам у ланцугах адпраўлены да Нерона.
Першапачаткова Цывіліс (вызвалены з-пад варты Гальбай) абвясціў, што ён паўстае толькі супраць Вітэлія, а не супраць рымскага валадарства наогул. Магчыма, ён дзейнічаў разам з прыхільнікамі Веспасіяна, якія марылі пра звяржэнне Вітэлія. Даволі хутка ён прыцягнуў да свайго мецяжу таксама канінефатаў і фрызаў.
Цывіліс напаў на рымскі флот, які стаяў на Рэйне. Матросы батаўскага паходжання перайшлі на яго бок, рымляне былі перабіты, і ўвесь флот у 24 караблі патрапіў у яго рукі. Неўзабаве да паўстання далучыліся германскія плямёны з правага берага Рэйна. Рымляне сталі цярпець паражэнні.
Калі батавы са сваімі саюзнікамі аблажылі Ветэру (Castra Vetera), Цывіліс запатрабаваў ад двух легіёнаў, якія абаранялі яе, прысягнуць Веспасіяну. Аднак неўзабаве прыйшла вестка, што і германскія легіёны абвясцілі Веспасіяна імператарам. Тады Цывіліс абвясціў, што сапраўдная мэта яго — вызваленне германцаў ад рымскага валадарства.
Перамога рымлян пры Гельдубе прывяла да вызвалення гарнізона Ветэры, які, разам з іншымі войскамі, заняў Навезій. Цывіліс узяў Гельдубу і зноў аблажыў Ветэру. Тады і галы таксама адпалі ад Рыма. Ветэра здалася паўстанцам, услед за ёй — Навезій і Маганцыяк. Было абвешчана стварэнне гальскай дзяржавы.
Вестка пра батаўскае паўстанне выклікала перапалох у Рыме. Рымляне накіравалі вялікія сілы на Рэйн. Цывіліс здзейсніў напад на Трыр; германцы ўварваліся ў рымскі лагер, але атака была адбіта Цэрыялам. Цывіліс вымушаны быў схавацца ў Ветэры, аказваючы ўпартае супраціўленне, але, нарэшце, позняй восенню 70 года здаўся рымлянам. Паўстанне было задушана.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Livius.org: The Batavian revolt Архівавана 4 мая 2016.