Перайсьці да зьместу

Сяргей Дубінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Дубінскі
Дата нараджэньня 25 кастрычніка (6 лістапада) 1884
Месца нараджэньня в. Наройкі Бельскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Польшча
Дата сьмерці 27 жніўня 1937(1937-08-27) (52 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы Пецярбурскі ўнівэрсытэт
Занятак археоляг, гісторык, навуковы супрацоўнік
Навуковая сфэра археалёгія, гісторыя
Месца працы

Сяргей Антонавіч Дубінскі (5 кастрычніка 1884, в. Наройкі(pl) Бельскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер гміна Дарагічын, Сямяціцкі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча — 27 жніўня 1937, Ленінград) — беларускі археоляг, гісторык.

Перад першай сусьветнай вайною пасьпеў скончыць Пецярбурскі ўнівэрсытэт. З 1924 году працаваў у Менску, быў сябрам гісторыка-археалягічнае камісіі. З 1928 навуковы супрацоўнік Інбелкульту, з 1929 у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Арыштаваны ГПУ БССР летам 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», але ў хуткім часе вызвалены.

З 1933 у Ленінградзе, навуковы супрацоўнік Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Дасьледаваў помнікі жалезнага веку і эпохі сярэднявечча.

Адзін з «бацькоў беларускай археалёгіі». Падрыхтаваў і выдаў першую «Бібліяграфію па археалёгіі Беларусі і сумежных краін» (Менск, 1933), дзе названы і шэраг археалягічных помнікаў і на Койданаўшчыне[1].

Разам з Аляксандрам Ляўданскім, Аляксандрам Каваленем зьяўляецца адным з аўтараў трохтомнага выданьня «Працаў» — навуковага зборніка Інбелкульту па археалёгіі. Падрыхтаваны навукоўцамі чацьвёрты том «Працаў» не пабачыў сьвет быў зьнішчаны органамі НКВД у наборы. Таксама бясьледна зьнікла праца Сяргея Дубінскага, прысьвечаная сыстэматызацыі вядомых у 1930-я гг. археалягічных помнікаў Магілёўшчыны.

Арыштаваны ў 1937 г. Растраляны 28 жніўня 1937 г. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Забойства Дубінскага, Кавалені, Ляўданскага сыход у нябыт іншых дасьледнікаў азначаў амаль поўнае вынішчэньне беларускай археалягічнай навукі. Страты павялічыліся другой сусьветнай вайной.

У Курапатах стаіць вялікі дубовы крыж — знак памяці сучаснага пакаленьня археолягаў пра нявінна забітых калег, якія закладалі падмурак акадэмічнай археалёгіі: Аляксандру Ляўданскаму, Аляксандру Каваленю, Сяргею Дубінскаму.

  1. ^ Дубінскі Сяргей Антонавіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. С. 39-40.
  • Дубінскі Сяргей Антонавіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.