Зімовыя Алімпійскія гульні
Зімовыя Алімпійскія гульні — найбуйнейшыя міжнародныя спаборніцтвы па зімовых відах спорту, што праводзяцца адзін раз у 4 гады пад эгідай Міжнароднага алімпійскага камітэта. Зімовыя Алімпійскія гульні пачалі праводзіцца з 1924 года як дадатак да летніх Гульняў. Некаторыя зімовыя віды спорту былі ўключаны ў летнія Алімпійскія гульні ў 1908 і 1920 гадах. З 1924 па 1992 гады зімовыя Алімпійскія гульні праводзіліся ў тыя ж гады, што і летнія. З 1994 зімовыя Алімпійскія гульні праводзяцца са зрухам у 2 гады ад летніх Алімпійскіх гульняў.
Іншыя назвы: зімовая Алімпіяда, Белая алімпіяда.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першымі міжнароднымі спаборніцтвамі, прызначанымі адмыслова для зімовых відаў спорту, былі Паўночныя гульні , якія праводзіліся з 1901 па 1926 год у Стакгольме.
У складзе Алімпійскіх гульняў яшчэ пры стварэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта у 1894 годзе меркавалася ўключыць у алімпійскую праграму катанне на каньках. Аднак упершыню гэты від спорту з’явіўся на Гульнях 1908 года: былі разыграны 4 камплекты ўзнагарод у фігурным катанні.
У 1911 годзе на сесіі МАК было прапанавана арганізаваць на наступных гульнях адмысловы «Тыдзень зімовых відаў спорту», але паколькі арганізатарам у 1912 годзе выступала Швецыя, то яна выступіла супраць прапановы, асцерагаючыся канкурэнцыі Паўночным гульням. Пры падрыхтоўцы да наступных Алімпійскіх гульняў ідэя аб «Тыдні» прагучала зноў, але Першая сусветная вайна перашкодзіла правядзенню спаборніцтваў. І ў праграму Алімпійскіх гульняў 1920 года ў Антверпене былі ўключаны спаборніцтвы па фігурнаму катанню і хакею з шайбай.
У 1924 годзе ў Шамані (Францыя) пад патранажам МАК быў праведзены «Міжнародны спартыўны тыдзень з нагоды VIII Алімпіяды». Папулярнасць праведзенай падзеі прывяла да таго, што мінулы «тыдзень» стаў звацца першымі зімовымі Алімпійскімі гульнямі.
Спачатку летнія і зімовыя Гульні праходзілі ў адзін і той жа год, а ў 1994 годзе яны падзяліліся і да цяперашняга часу праводзяцца праз прыкладна роўныя прамежкі часу (2 гады).